Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выпусьцілі цудам». Хрысьціянскі прапаведнік Мельянец расказаў пра суд над журналістам Карнеем, турму і эміграцыю


Сяргей Мельянец, архіўнае фота
Сяргей Мельянец, архіўнае фота

Хрысьціянскі прапаведнік, паэт і бард, бацька семярых дзяцей Сяргей Мельянец, які адбыў у Беларусі два адміністрацыйныя арышты і пасьля выхаду на волю выехаў за мяжу, у інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода расказаў пра свой арышт і ўцёкі зь Беларусі. Пераказваем асноўнае.

Сяргея Мельянца затрымалі каля залі суду над беларускім журналістам Ігарам Карнеем, куды ён хадзіў падтрымаць падсуднага.

«Яго імя было на слыху, я зь ім некалькі разоў перасякаўся. Я ведаў, што ён хрысьціянін, і падумаў, што будзе правільна, калі прыйду і хаця б крышку яго падтрымаю сваёй прысутнасьцю і малітвай. Я ведаў, што ягоная сям’я, жонка і дзіця, выехалі вельмі далёка зь Беларусі, бо ім таксама пагражалі перасьледам», — патлумачыў Сяргей Мельянец прычыну, чаму хадзіў на суд над Карнеем.

Паводле Сяргея Мельянца, у залі суду, акрамя Ігара Карнея ў клетцы, адваката, судзьдзі і пракурора ён быў адзіным прысутным на працэсе. Ён пасядзеў паўгадзіны, паслухаў абвінаваўчую прамову пракурора, запісаў яе на дыктафон, каб паведаміць родным, у чым абвінавачваюць Ігара, памаліўся і пайшоў. На выхадзе з залі суду яго сустрэлі сілавікі ў цывільным. Яны прадставіліся супрацоўнікамі ГУБАЗіК, запатрабавалі ў яго разблякаваць тэлефон і даць ім пашпарт.

«Паглядзелі мой тэлефон, паглядзелі фэйсбук, дзе я выкладваю рэпартажы з судоў, надзелі кайданкі на рукі ззаду і чорным ходам вывелі з суду, каб ніхто ня бачыў, што мяне арыштавалі», — расказаў Сяргей Мельянец.

Яго адвезьлі ў Фрунзэнскае ўпраўленьне міліцыі Менску, завялі ў кабінэт, паставілі «лбом у дзьверы шафы — у кайданках, ногі на расьцяжцы». Паводле Мельянца, яму адразу пачалі пагражаць, казалі, што нібыта «вынесьлі адсюль шмат трупаў». Сяргей кажа, што яго білі па нагах, «каб шырэй стаяў», уціскалі галаву ў шафу, казалі: «Табе ня жыць, ты папаў. Або згніеш у турме, або цябе вывезем і прыстрэлім».

Міліцыянты напісалі пратакол, запхнулі яго ў камэру для затрыманых, а потым перавялі ў ІЧУ. Першы суд у Сяргея Мельянца быў назаўтра пасьля затрыманьня.

«Судзьдзя трапілася больш-менш добразычлівая, кажа: «Раскажыце, што здарылася?» Я кажу: «Ну вось не спадабаліся мае вершы, мой фатаздымак, які я разьмясьціў». — «А, ну зразумела, зразумела. А якія зьмякчальныя акалічнасьці?» — «Сямёра дзяцей». — «Ну зразумела, зразумела. Ну, давайце тады 13 сутак», — успамінае Сяргей Мельянец.

Пасьля суду ўвечары яго завезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. Як расказаў Мельянец, калі яго другі раз асудзілі на 12 сутак, ён праз чалавека, у якога скончыўся тэрмін арышту, перадаў паведамленьне сваёй жонцы, каб яна зь дзецьмі ехала зь Беларусі.

Сяргей Мельянец і ягоная сям'я
Сяргей Мельянец і ягоная сям'я

Ён кажа, што ня думаў, што яго адпусьцяць пасьля другіх «сутак», і сям'я была гатовая ехаць безь яго. Прадстаўнікі КДБ, паводле Сяргея, прыходзілі дадому да ягонай жонкі, пагражалі забраць дзяцей.

«Мяне выпусьцілі цудам. Скажу так, што Бог дапамог. Калі мы выяжджалі, акалічнасьці былі на нашым баку. Нас нідзе сурʼёзна не затрымлівалі, нават калі і спынялі, бачачы, што столькі дзяцей у машыне, спакойна прапускалі далей. Перасякалі межы без праблем, бяз доўгіх чэргаў», — кажа Сяргей Мельянец.

Сяргей ня стаў расказваць усе падрабязнасьці выезду зь Беларусі, «каб не падставіць людзей, якія нам дапамаглі». Цяпер, паводле Мельянца, ён «у працэсе аднаўленьня».

«У мяне за гэтыя тры з паловай тыдні наступіў авітаміноз ад умоваў утрыманьня і дрэннага харчаваньня. Бо ежа, якую нам давалі, не зьмяшчала ніякіх мінэралаў і вітамінаў. Зубы сапсаваліся, пачалі крывавіць дзясны, сэрца стала працаваць горш. Ты ўвесь час на нэрвах: пад'ёмы па начах, пастаянна яркае запаленае сьвятло, пакараньні ад калідорных, цяжкае паветра. Карацей, шмат усялякіх фактараў, якія пагаршалі здароўе. Я проста не ўяўляю, як людзі знаходзяцца ў такіх умовах гадамі», — кажа Сяргей Мельянец.

Паводле Сяргея, ягоная сямʼя «месяц жыла ў жудасным стрэсе», але цяпер стала крыху лягчэй. Тым ня менш сямʼя сумуе па доме, па родных і сябрах і «вельмі спадзяецца, што ўсё гэта ненадоўга» і яны хутка вернуцца.

«Я разумею, што ў любы момант Бог можа спыніць тых, хто робіць зло ў Беларусі. Я давяраю Богу, і я ведаю, што сытуацыя можа памяняцца раптоўна і мы зможам вярнуцца ў наш дом, у нашу Беларусь. Застаецца толькі верыць і рабіць, што можам», — кажа ён.

  • У Сяргея Мельянца і яго жонкі Сьвятланы сямёра дзяцей: Іван, Багдан, Антаніна, Амадэй, Дамініка, Эвангеліна і Давід. Старэйшаму сыну цяпер 20 гадоў, малодшаму — пяць.
  • Сяргей Мельянец актыўна падтрымліваў палітвязьняў, хадзіў на судовыя працэсы, пісаў лісты вязьням сумленьня, удзельнічаў у малітвах у цэнтры Менску. У 2021 годзе яго сямʼя перажыла два суды і сацыяльнае расьсьледаваньне, якое арганізавала кіраўніцтва школ і каледжа, дзе вучыліся яго дзеці.
  • 19 сакавіка 2024 году Сяргея Мельянца затрымалі ў Менскім гарадзкім судзе, куды ён прыйшоў падтрымаць палітзьняволенага журналіста Ігара Карнея. Сяргей Мельянец адседзеў у менскай турме на Акрэсьціна 25 дзён. У гэты час супрацоўнікі КДБ прыяжджалі да яго дадому, правялі ператрус, двойчы дапытвалі яго і ягоную жонку, пагражалі завесьці крымінальную справу супраць яго і жонкі, а таксама пагражалі разграміць дом і перадаць дзяцей у органы апекі.
  • Мельянцу ўдалося выйсьці на волю, пасьля чаго ён неадкладна павёз жонку і дзяцей за мяжу, у адну з эўрапейскіх краін. Цяпер сямʼя спрабуе там пачаць новае жыцьцё.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG